A R C H E S k a r y n a № 1 (15) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ВАЛЕРКА БУЛГАКАЎ
Вокладка ARCHE Skaryna 1-2001.

   Мінулыя нумары:

   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Валерка Булгакаў
 
Ідэалёгія
лукашэнкаўскага рэжыму
 Ад рыторыкі братняга яднаньня
да рыторыкі міждзяржаўнай інтэграцыі

1.

Што б там ні казалі Лукашэнка і лукашэнкаўцы, але разрыў „дзесяцігодзьдзямі напрацаваных“ сувязяў у 1991 годзе прынёс ім палёгку. Гэты год быў апошнім годам звышактыўнай прысутнасьці Масквы ў беларускім культурным і часткова інфармацыйным полі. Якое гэта ўзбуджала раздражненьне ў прадстаўнікоў традыцыйных беларускіх элітаў! Масква за тых часоў сталася мэдыюмам паміж Беларусяй і заходнім сьветам. Транзытам праз Маскву ў Беларусь траплялі патэнцыйна небясьпечныя палітычныя і культурныя ідэі. Захад традыцыйна заставаўся ворагам нумар адзін, Масква, г.зн. лібэральныя і празаходне настроеныя маскоўскія эліты, патроху ператваралася ў ворага нумар два.

Разам з развалам СССР адышоў у нябыт спэцыфічна каляніяльны тып асьветніцтва Беларусі, калі сусьветны перадавы інтэлектуальны, культурны, мастацкі і іншы досьвед трапляў у Беларусь не беспасярэдне, а кружным шляхам — праз імпэрскі цэнтар. Абрыў гэтага каналу культурнай камунікацыі аб’ектыўна быў на руку прадстаўнікам кансэрватыўна/рэваншысцка настроеных беларускіх уладных элітаў. Дзеля таго што Менск і блізка не валодаў такім інтэлектуальным патэнцыялам, як Масква, так зразуметае асьветніцтва практычна прыпынілася. Узьнік культурны вакуум, становішча, калі новыя замежныя культурна рэлевантныя ідэі і практыкі сталі недаступнымі, а старыя ўжо страцілі сваю жыцьцёвую сілу.

Перад намі парадаксальная сытуацыя: набыцьцё Беларусяй незалежнасьці напачатку толькі аддаліла Беларусь ад Эўропы. Наколькі зацягнецца гэтая камунікацыйная паўза, залежыць ня толькі ад палітычных, але і ад культурных чыньнікаў.

Гэтая адсутнасьць або недастатковая інтэнсіўнасьць паўнакроўнай культурнай камунікацыі з Захадам дае той групе асобаў, якая сёньня стаіць ля стырна ўлады ў Беларусі, маральную легітымацыю станавіцца ў позу захавальнікаў так званых незаплямленых савецкіх вартасьцяў. Але ў строгім сэнсе болей ім нічога не застаецца, як паразытаваць на гэтым сэгмэнце духоўнага жыцьця грамадзтва. Распрацаваць радыкальна іншую праграму выжываньня яны проста ня ў сілах. Апрача гэтага, для большай эфэктыўнасьці ўзьдзеяньня на грамадзкую думку, для атрыманьня палітычных дывідэндаў беларускі рэжым досыць пасьпяхова выкарыстоўвае таксама ідэалягему інтэграцыі з Расіяй. Гэтыя два моманты — рэакцыйна-нігілісцкі паварот да савецкай сыстэмы вартасьцяў і навязьлівая культывацыя ідэалягемы інтэграцыі з Расіяй — аснаватворныя для папярэдняга асэнсаваньня асноўных лініяў сучаснай беларускай ідэалёгіі. Калі не лічыць, натуральна, рыторыкі сацыяльнага папулізму.
 

галоўны рэдактар часопісу ARCHE, укладальнік зборніка „Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам? Сучаснае польскае мысьленьне" („Энцыклапедыкс", 2001). Апошняя ягоная публікацыя ў часопісе - артыкул „Дэклясаваная эліта" (№4-2000).
   

2.

Нягледзячы на ўсе афіцыйныя заявы і запэўніваньні, інтэграцыя Расіі і Беларусі ніколі не была „ўсебаковай“. Яна заўсёды абмяжоўвалася выразна прамаркаванымі сфэрамі — эканамічнай і вайсковай. Гаварыць усур’ёз пра інтэграцыю ў абсягу культурнай, адукацыйнай, інфармацыйнай і іншай палітыкі не даводзіцца. Гэтаму можна прапанаваць некалькі тлумачэньняў.

Па-першае, паняцьце „Расія“ мае для прэзыдэнта Лукашэнкі адрозны ад агульнапрынятага сымбалічны зьмест. „Расія“ для беларускага прэзыдэнта ня толькі і ня столькі геапалітычная рэальнасьць, рэальная краіна з сваімі рэальнымі праблемамі, колькі традыцыя дэспатычнай улады. Іншымі словамі, выбар Лукашэнкі на карысьць „Расіі“ азначае выбар на карысьць дэспатычнай, нікому не падкантрольнай улады. Лукашэнку падабаецца акурат такая „Расія“, якая асацыюецца з грубымі, нявыхаванымі валадарамі, увогуле, магчыма, не паддатнымі акультурваньню, „Расія“, у якой палітычная воля кіраўніка, што ўвасабляе сабой дзяржаву і яе інтарэсы, азначае ўсё, а воля асобнага індывіда — нішто. Вобраз такой „Расіі“ можа існаваць толькі на ўзроўні ўяўленьня, і гэта прыносіць Лукашэнку адны расчараваньні. Аднак расійскі дэспатызм, колькі яго ні выкараняй, невыкараняльны, і яго праявы ў сучаснай палітычнай рэальнасьці Расіі дазваляюць Лукашэнку жывіць спадзяваньні на тое, што яго ўява і аб’ектыўная рэальнасьць некалі-такі скрыжуюцца.

Па-другое, галоўная мэта сучаснага беларускага рэжыму — у сваім палітычным выжываньні, а не ў далучэньні на правах суб’екта да Расійскай Фэдэрацыі. Афіцыйны Менск інтэгруецца з афіцыйнай Масквой выбарачна, толькі ў тых сфэрах, якія забясьпечваюць адносную стабільнасьць яго існаваньня і надалей.

Па-трэцяе, і гэта датычыць сёньняшняга моманту, а таксама псыхалёгіі палітычных лідэраў, моцны ўдар па „ўсебаковай“ інтэграцыі паміж дзьвюма краінамі нанёс рэактываваны Ўладзімерам Пуціным працэс рэцэнтралізацыі Расіі, які ў канцавым выніку, відаць, прадугледжвае ператварэньне Расіі ўва ўнітарную дзяржаву. Узмацненьне магутнасьці цэнтру і аслабленьне ўлады рэгіёнаў, у тым ліку пераразьмеркаваньне структуры падатковых плацяжоў, іншых фінансавых струмянёў на карысьць мэтраполіі, якое назіраецца сёньня ў Расіі, робіць праблематычнай палітычную інтэграцыю паміж нашымі дзяржавамі. Рэч у тым, што калі раней, пры гіпатэтычным уваходзе Беларусі ў Расію, беларускі лідэр мог прэтэндаваць на статус буйнога рэгіянальнага лідэра з бліскучымі пэрспэктывамі зрабіць кар’еру ў цэнтры, то цяпер ён можа разьлічваць на пасаду правінцыйнага губэрнатара, уладныя паўнамоцтвы якога пастаянна кантралююцца навасьпечанымі „прэзыдэнцкімі намесьнікамі“. Ня трэба забывацца, што Лукашэнка даўно адчуў смак улады, ён прызвычаіўся рабіць замежныя візыты і сустракаць замежных гасьцей, быць „вярхоўным галоўнакамандуючым“ і прасьціраць сваю магутнасьць на сельскую гаспадарку, цяжкую прамысловасьць і горадабудаўніцтва. Пераход у новую якасьць пагражаў бы Лукашэнку моцнай псыхічнай траўмай.

Такім чынам, фігура інтэграцыі „паміж двума братнімі народамі“ трактуецца сучасным беларускім рэжымам утылітарна: там, дзе яна адпавядае яго глыбінным інтарэсам, яна вітаецца і заахвочваецца, і наадварот, там, дзе яна нясе пагрозу сфармаванай уладнай канструкцыі, яна ігнаруецца або зводзіцца на нішто.
 

 
   

3.

Лукашэнка — палітык глыбока нацыяналістычны. Іншая рэч, што Лукашэнкаў нацыяналізм спэцыфічна ўсходнеэўрапейскі, калі не зусім эўразійскі; ён, бадай, ня мае сваіх аналягаў на Захадзе. Нацыяналізм Лукашэнкі, на першы погляд, цураецца выразнай нацыянальнай дамінанты. Нельга адназначна сьцьвярджаць, што Лукашэнка, напрыклад, расійскі нацыяналіст. Сапраўды, Лукашэнкаў нацыяналізм сягае часоў, калі Расія яшчэ ня стала нацыянальнай дзяржавай з вырабленай нацыянальнай ідэнтычнасьцю, і мае сваім выточным пунктам так званы „савецкі патрыятызм“.

Лукашэнка — носьбіт таго спэцыфічнага нацыяналізму, які ў расійскай мове атрымаў назоў „государственничества“. Апрача гэтага, ён мае сантымэнт да сваёй „малой радзімы“ — да Шклоўскага раёну ў прыватнасьці і да Беларусі ў цэлым. Нацыянальная „гордасьць“ Лукашэнкі, абуджаная ў да канца нацыянальна не структураваным савецкім грамадзтве, апэлюе да двух ідэалягічных вытокаў: да „вялікай радзімы“, якая мысьліцца як „государство“, і „малой радзімы“, якая мысьліцца як канкрэтнае асяродзьдзе пражываньня. „Вялікая радзіма“ ў такім выпадку задае вышэйшы ўзровень [крыпта]нацыянальнай ідэнтычнасьці, які адказвае за рацыянальную дзейнасьць, „малая ж радзіма“ фармуе яе ніжэйшы эшалён, які часта зводзіцца да беспасярэдніх эмацыйных рэакцый.

Такім чынам, галоўнай інсьпірацыяй Лукашэнкавага нацыяналізму трэба ўважаць „гордасьць“ за „государство“, у якім, падкрэсьліваем, нацыянальныя пачуцьці заўсёды былі прытупленыя. Гэтае „государство“ неабходна разумець вельмі шырока — як неабсяжную тэрыторыю і як разбудаваны дзяржаўны апарат, як надзвычай магутную вайсковую сілу, што ўключае ў сябе гіпэртрафавана баяздольную армію і флёт, як сыстэму сацыяльных гарантыяў, што забясьпечвае бязьбеднае існаваньне, як, нарэшце, міжнацыянальны мір і парадак. Лішне казаць, што прататыпам такога „государства“ была ў сапраўднасьці значна менш прывабная савецкая дзяржава. З адыходам апошняй у нябыт яе прыцягальнасьць у вачах сымпатыкаў толькі ўзрасла.

У сваю чаргу, „малая радзіма“ выклікае асацыяцыі хіба што з бацькоўскай хатай, чарадою кароваў на сьвітаньні, першым сьнегам на „Дзяды“, пожняй, пакрытай ранішнім туманам, і буслом над галавой, адным словам, з рэчамі прыземленымі і звычайнымі.

У сваім надзвычай глыбокім і праніклівым аналізе „Агонія камунізму“, перакладзеным на польскую мову ў 1989 годзе, Зьбігнеў Бжазіньскі сьцьвярджаў, што пераход да посткамунізму ў пэўных усходнеэўрапейскіх краінах будзе суправаджацца фазай нацыяналістычнай дыктатуры. Зьнікненьне камунізму створыць у моцна саветызаваных грамадзтвах з „таталітарнай мадэльлю сацыяльнай арганізацыі“*1 вакуум, які будзе запоўнены нацыяналістычнай ідэалёгіяй. „...распальваньне нацыяналізму, безумоўна, дадае сілы аўтарытарным імпульсам. Яно ўзмацняе тыя інстытуцыі ўлады, якія могуць найбольш эфэктыўна выкарыстаць нацыяналістычныя сымбалі для дыктатарскага рэжыму, тармозячы тым самым разьвіцьцё дэмакратыі“*2.

Трэба з жалем сканстатаваць, што гэткага роду прагнозы ў Беларусі спраўдзіліся. Шэсьць гадоў кіраваньня Лукашэнкі сталіся гадамі пабудовы не грамадзянскай супольнасьці, а нацыяналістычнай дыктатуры з вэртыкальным, г.зн. аўтарытарным мэханізмам улады. Тое, што рэжым Лукашэнкі ўяўляе сабой нацыяналістычную дыктатуру, лішні раз пацьвярджаецца яго агрэсіўна-нецярпімым стаўленьнем да праяваў культурнай, палітычнай і г.д. адрознасьці: ён з аднолькавай сілай перасьледаваў незалежную беларускую культуру, польскую нацыянальную меншыню або сэксуальныя мяншыні і іх арганізацыйныя прадстаўніцтвы, але пры гэтым заплюшчваў вочы на ваенізаваныя паўфашысцкія групоўкі накшталт „Русского национального единства“. Адчуваў, без сумлеву, ідэалягічную блізіню.

Звычайнай практыкай для Беларусі сталася праліцьцё крыві дэманстрантаў падчас мірных акцыяў апазыцыі. Нядаўнія бясьсьледныя зьнікненьні вядомых палітыкаў і бізнэсмэнаў паказваюць, што краіна рушыла лацінаамэрыканскім, „піначэтаўскім“ шляхам разьвіцьця. Палітычнае кіраўніцтва Беларусі пераступіла тую мяжу, за якой наступае крымінальная адказнасьць за прынятыя рашэньні і зьдзейсьненыя ўчынкі.
 












































*1 Kultura. 1989. № 5. С. 71.






*2 Тамсама. 
   

4.

Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка пастаянна пышыцца сваёй блізінёй з „народам“. Ён заўсёды робіць націск на падтрымцы і ўхваленьні „народам“ сваёй палітыкі. „Аляксандар Лукашэнка — з народам“, — такі рэклямны слёган фігураваў яшчэ падчас яго выбарчай кампаніі 1994 году. Пра непарыўную лучнасьць Лукашэнкі з „народам“ безупынку трубяць афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі.

Паняцьце „народ“ у нацыянальна недааформленым грамадзтве мае, аднак, сваю спэцыфіку. У пляне зьместу яно не адпавядае ні паняцьцю „нацыя“, ні паняцьцю „грамадзянская супольнасьць“. „Народ“ у данацыянальным грамадзтве — гэта ўзьніклы на дадзенай тэрыторыі цягам невялікага пэрыяду часу канглямэрат людзей, аб’яднаных пэўным узроўнем спажываньня і ідэалягічнай індактрынацыі. Да таго ж далёка ня кожная сацыяльная група ці праслойка можа быць аднесеная да „народу “. Як засьведчыў досьвед эпохі Лукашэнкі, да „народу“ ні ў якім разе ня можа быць залічаная тая частка беларускай інтэлігенцыі, якая не пайшла на калябарацыю з рэжымам („бо яна бясконца далёкая ад народу“), або непадкантрольная лукашэнкаўскай адміністрацыі бізнэс-эліта („вашывыя блохі“ ў тэрміналёгіі Лукашэнкі). Карацей, „народ“ — гэта не незалежныя журналісты і актывісты апазыцыйных партый, а сталявары, матальшчыцы і прадзільшчыцы, людзі рабочых прафэсіяў, працаўнікі сяла, міліцыянэры і памежнікі, вайскоўцы беларускага войска.

Гэтае вульгарнае, ужыванае з мэтай палітычных маніпуляцыяў паняцьце „народ“ распаўсюджваецца на той сэгмэнт беларускага грамадзтва, які беспасярэдне залежыць ад дзяржавы. „Народ“ — гэта работнікі дзяржаўнага апарату, дзяржаўнага сэктару прамысловасьці, бюджэтных арганізацый, карацей, тых сфэраў, якія былі сыстэмаўтваральнымі для таталітарнай савецкай дзяржавы. Такі „народ“ не валодае ні супольнай культурнай, ні канфэсійнай, ні пагатоў нацыянальнай ідэнтычнасьцю. Яго лучыць у адзінае цэлае рабская залежнасьць ад таталітарнай дзяржавы, зь якой ён зьвязвае ўсе надзеі на дабрабыт.

Лукашэнка — стаўленік не „народу“, а тых сілаў, якія стаяць за гэтак зразуметым „народам“ і інтарэсы якіх гэты „народ“ паслухмяна артыкулюе. Фактычна, Лукашэнка — стаўленік і адначасна закладнік тых гаспадарчых элітаў, якія сфармаваліся ў Беларусі яшчэ за савецкіх часоў і якія дагэтуль уяўляюць сабой рэальную сілу. Дасягнуўшы ўсёй паўніні палітычнай улады, ён пачаў абслугоўваць перадусім інтарэсы вайскова-прамысловага комплексу беларускай эканомікі, а таксама аграпрамысловага лобі.

Барацьба за тое, які кандыдат будзе ў стане найбольш пасьлядоўна рэалізаваць гэтыя інтарэсы, і была галоўнай інтрыгай прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. Выкарыстоўваючы агрэсіўныя перадвыбарчыя лёзунгі, акурат Лукашэнка, а не Вячаслаў Кебіч, здолеў мабілізаваць для сваёй падтрымкі большую сацыяльную базу. Палітыкі незалежніцкай арыентацыі на тых выбарах ня мелі аніякусенькіх шанцаў, бо спадзяваліся выключна на раптоўны выбух нацыянальнай сьвядомасьці ў масах.
 

 
   

Невыпадкова, што нават пасьля таго, як Вячаслаў Кебіч перастаў актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці, Аляксандар Лукашэнка якраз у ім бачыў найбольш небясьпечнага канкурэнта ў барацьбе за ўладу.

Палітычны капітал Лукашэнкі — гэта ў першую чаргу давер лабістаў ВПК і іншых сыстэмаўтваральных галінаў народнай гаспадаркі пры суворым кантролі за вышэйшым кіраўніцтвам узброеных сілаў, органаў унутраных справаў і спэцслужбаў, і толькі пасьля — безаглядны і нічым не абмежаваны сацыяльны папулізм, які, насуперак цьверджаньням некаторых аналітыкаў, выконвае дапаможную ролю. Як прагматычны палітык, Лукашэнка фактычна заключыў з гэтымі лабістамі няяўны „пакт аб ненападзе“: пэўная эканамічная свабода першых наўзамен за ляяльнасьць да апошняга. Гэта дазваляе гаварыць пра зрошчваньне ўладных і гаспадарчых элітаў у Беларусі.

Будучы кроўна зацікаўлены ў сваім палітычным выжываньні, беларускі прэзыдэнт апошнім часам пачаў асьцярожна прамацваць новыя бізнэс-эліты, каб заручыцца іх падтрымкай. У гэтым сэнсе вельмі паказальныя вынікі леташніх восеньскіх выбараў у лукашэнкаўскую „палату прадстаўнікоў“, куды прайшло некалькі дзясяткаў ляяльных уладзе бізнэсоўцаў і прадпрымальнікаў. Адчуваючы рост патэнцыялу гэтай параўнальна новай сацыяльнай групы і эканамічнай сілы, прэзыдэнт Беларусі сёлета імкнецца дасягнуць зь ёй узаемавыгаднага кампрамісу. У беларускіх варунках гэткі кампраміс можа зводзіцца толькі да ўліку некаторых эканамічных патрабаваньняў гэтай сілы пры ўмове яе палітычнай ляяльнасьці да існуючай улады.

Трэба пару словаў сказаць і пра эканамічныя прычыны палітыкі эскаляцыі міжнароднай ізаляцыі Беларусі, якая мэтанакіравана праводзіцца на працягу ўсяго тэрміну кіраваньня Лукашэнкі. Рэч у тым, што стабільнасьць і доўгатрываласьць сучаснага беларускага рэжыму можа забясьпечыць толькі сучасная структура беларускай эканомікі. У Беларусі так і не былі сур’ёзна трансфармаваныя створаныя за савецкіх часоў прадпрыемствы вайскова-прамысловага комплексу. Разам зь іншымі сыстэмаўтваральнымі сэктарамі беларускай эканомікі ён арыентаваны пераважна на расійскія рынкі збыту. З аднаго боку, такая арыентацыя беларускай эканомікі цалкам задавальняе Лукашэнку, які ажыцьцяўляе ў сутнасьці палітычнае прыкрыцьцё гэтай эканамічнай аднавэктарнасьці. З другога боку, беларускія гаспадарчыя эліты — кіраўнікі дзяржаўных ці падкантрольных дзяржаве заводаў, фабрык і іншых прадпрыемстваў — апынаюцца ў неаплатным даўгу перад Лукашэнкам, які дэ-факта зьдзяйсьняе рэалізацыю іх жыцьцёвых інтарэсаў. Узьнікае парытэт палітыкі і эканомікі, калі любыя паважнейшыя зьмены ў эканоміцы цягнуць за сабой зьмены ў палітыцы, і наадварот.

Міжнародная ізаляцыя Беларусі выгадная Лукашэнку тым, што яна вельмі дзейсна забясьпечвае эканамічнае status quo. Прыток жа буйнога замежнага капіталу ў Беларусь азначаў бы, па-першае, кардынальную ломку існуючага эканамічнага парадку, якая, па-другое, мела б фатальныя наступствы для беларускага палітычнага кіраўніцтва і рэалізоўванага ім палітычнага курсу. Памянёны парытэт палітыкі і эканомікі быў бы раз і назаўсёды парушаны. Беларусь была б уцягнутая ў Эўропу і эўрапейскую эканамічную супольнасьць жалезнай рукой рынкавых мэханізмаў.

Гэтага як агню баіцца першы прэзыдэнт Лукашэнка. Яго палітычныя заявы і акцыі, накіраваныя на эскаляцыю міжнароднай ізаляцыі Беларусі, выглядаюць усё больш натужна. Яны становяцца ўсё больш знарочыстымі і надуманымі, набываюць характар абавязковага палітычнага рытуалу.

Цяперашняе палітычнае кіраўніцтва Беларусі задавальняе і будзе задавальняць толькі чыста касмэтычная прысутнасьць замежнага капіталу. Сетка рэстаранаў хуткага харчаваньня „Макдональдз“, фірмавыя крамы пабытовай тэхнікі для дому „Siemens&Bosch“, заводзік „Coca Cola“ ў Менску — гэта ўсяго толькі змушаная саступка, на якую даводзіцца ісьці рэжыму. Насамрэч Беларусь — чорная дзюра на мапе сусьветнага гандлю.

Такім чынам, рэальная ўлада для Лукашэнкі — гэта перадусім усёабсяжны або блізкі да ўсёабсяжнага кантроль над беларускай эканомікай. Толькі разуменьне гэтага дапаможа сфармуляваць рэцэпты супраць палітыкі лукашызму ў Беларусі. Калі коратка, зарука культурнай і гаспадарчай эўрапеізацыі Беларусі — у павелічэньні недзяржаўнага сэктару эканомікі і ў падтрымцы сеткі незалежных культурных інстытуцый, а таксама ў стварэньні палітычных умоваў для прытоку буйнога заходняга капіталу.
 

 
   

5.

Сваімі сымпатыямі і антыпатыямі, перадусім у абсягу палітыкі, прэзыдэнт Лукашэнка яскрава дэманструе той тып культуры, у якім адбывалася яго выхаваньне і станаўленьне як асобы. А палітычныя прыярытэты Лукашэнкі сьведчаць пра яго адданасьць вульгарна-функцыяналісцкім падыходам. Носьбіт „вульгарнага функцыяналізму“ характарызуецца падвышанай увагай да сацыяльна значных атрыбутаў сілы і магутнасьці. Яго захапляюць валявыя сугестыўныя рашэньні, нават калі яны ідуць уразрэз з палітычнай ці эканамічнай мэтазгоднасьцю. Культуру ж ён трактуе фактычна як сацыяльны інстытут, пакліканы цэмэнтаваць існуючы грамадзкі лад. Сапраўдная ж творчасьць, паводле гэтай лёгікі, адбываецца на будаўнічай пляцоўцы ці ля доменнай печы, акурат там адбываецца стварэньне праўдзівых вартасьцяў. Згодна з гэткай лёгікай, прадукты культуры эфэмэрныя і адначасна крыху падазроныя. Але калі кінуць усё, як ёсьць, „на самацёк“, у будучыні яны могуць справакаваць непажаданыя для ўлады сацыяльныя ўзрушэньні.

Сачыць, каб гэтага ня зьдзеялася, у Савецкім Саюзе і ў постсавецкай Беларусі мусіла і мусіць міністэрства культуры. У гэтага ведамства заўсёды пераважалі кантрольныя функцыі. Гэты кантроль зьдзяйсьняўся і зьдзяйсьняецца, у прыватнасьці, праз падтрымку толькі тых культурных праектаў, ініцыятываў і інстытуцый, якія выгадныя існуючаму рэжыму. Абсяг дзейнасьці сёньняшняга беларускага міністэрства культуры выразна сьведчыць, наколькі жывучыя „вульгарна-функцыяналісцкія“ падыходы сярод уладных элітаў. У сфэру кампэтэнцыі гэтага ведамства ўваходзяць кінастудыя „Беларусьфільм“, некалькі дзясяткаў дзяржаўных тэатраў, музэяў і галерэяў, сетка бібліятэк і дамоў культуры, моладзевых цэнтраў і гурткоў па інтарэсах. Вось, бадай, і ўсё.

Міністэрства культуры ў сваім сучасным выглядзе скіраванае на кансэрвацыю мінулага, а не на падтрымку сучаснага мастацкага досьведу. Больш адпаведнай назвай для гэтай установы было б „міністэрства кансэрвацыі савецкай культурнай спадчыны“.

Асобнай гаворкі заслугоўвае тэма расійскай культуры. Цяпер, як ніколі, выразна праяўляецца культурная дыхатамія сучаснай Расіі. Адна культурная расійская традыцыя пазытыўная: сваім карэньнем яна сягае калясальнага духоўнага даробку Аляксандра Радзішчава і Аляксандра Герцэна, Лява Талстоя і Фёдара Дастаеўскага, Уладзімера Маякоўскага і Казімера Малевіча, Андрэя Белага і Данііла Хармса, Аляксандра Салжаніцына і Андрэя Сахарава. Яна вызначаецца напружанымі духоўнымі пошукамі і празарэньнямі, перадавым мастацкім досьведам, эўрапейскім інтэлектуальным кантэкстам і сусьветна прызнанымі культурнымі дасягненьнямі. Другая ж, нэгатыўная, расійская культурная традыцыя ўвабрала ў сябе ценявы бок расійскага грамадзтва з такімі яго якасьцямі, як духоўная нэндза і ўбоства, абскурантызм і помсьлівасьць, драбязьлівасьць і вераломства. Праведзены ў краіне доўгатэрміновы камуністычны экспэрымэнт беспасярэдне паспрыяў яе ўмацаваньню. Падчас яго былі зьнішчаныя цэлыя сацыяльныя групы і праслойкі зь іх самабытнай культурнай спадчынай. Калі на Захадзе сацыяльна рэлевантныя культурныя вартасьці і практыкі традыцыйна фармаваліся вярхамі грамадзтва, то ў Савецкім Саюзе дзеялася нешта адваротнае: дамінуючай тут сталася культура сацыяльных нізоў, будзь гэта гегемон пралетарскай рэвалюцыі — рабочая кляса — або сялянская бедната. Дамінаваньне гэтага тыпу культуры, галоўнымі рассаднікамі якога была савецкая „армія“ і „зона“, у сутнасьці азначала трыюмф неасьвечанага розуму.

Напаўкрымінальны рэжым „намэнклятурнага капіталізму“, пабудаваны Аляксандрам Лукашэнкам, лішні раз сьведчыць, наколькі ў сьвядомасьці людзей укараніліся звычкі і парадкі, заведзеныя на „зоне“. Здаецца, Лукашэнка ў сваёй палітыцы так і ня выйшаў за рамкі псыхалёгіі „пахана“, які дае „крышу“ ў абмен на падпарадкаваньне і паслушэнства.
 

 
   

6.

Сьпіс крыніцаў, якія ўтрымліваюць элемэнты афіцыйнай беларускай ідэалёгіі, адначасна і неабмежаваны, і невялікі. Сапраўды, сотні дзяржаўных газэтаў, газэтак і часопісаў з нумару ў нумар агучваюць праграмныя ўстаноўкі сучаснага беларускага рэжыму. Над гэтым жа карпее дзяржаўнае беларускае радыё і тэлебачаньне. Аднак спасылацца на перадачы радыё і тэлебачаньня ў пісьмовай працы не прынята. І ня ўсе друкаваныя мас-мэдыі даюць аднолькава каштоўны ў гэтым сэнсе матэрыял. Адчуваецца, што недзе існуе свайго роду кухня, дзе гатуюцца густа запраўленыя ідэалёгіяй стравы, прызначаныя для шырокага народнага ўжытку.

Сапраўдны назоў гэтай кухні — Адміністрацыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. Акурат у пэўных структурных падразьдзяленьнях гэтага ведамства, а таксама яго шматлікіх адгалінаваньняў ідзе несупынная праца дзеля ідэалягічнай індактрынацыі масаў. Тут фармуецца „інфармацыйная бясьпека“ краіны, нябачны шчыт ад нябачных ворагаў.

Усяго жменька выданьняў мае ў сваіх заснавальніках гэтую ўсемагутную арганізацыю — Адміністрацыю прэзыдэнта. Але якраз яны часта вылучаюцца самастойнай падачай палітычна і ідэалягічна важных тэмаў і праблемных кірункаў, акурат яны задаюць „палітычна карэктныя“ ўзоры і стэрэатыпы, якія пасьля з большай ці меншай адданасьцю прышчапляюць сьвядомасьці масаў работнікі ніжэйшых зьвёнаў уладнай вэртыкалі — абласных і галіновых выданьняў, раёнак. Іх ня так ужо і шмат: гэта, напрыклад, лібэральная ўва ўмовах лукашызму „Советская Белоруссия“, беларускамоўная і беларусацэнтрычная „Звязда“ і кансэрватыўны часопіс „Беларуская думка“. Ён і будзе выточным пунктам нашых развагаў.

7.

Стылістыку афіцыйных беларускіх ідэолягаў задае сам Лукашэнка сваімі незраўнанымі моўнымі экзэрсысамі накшталт „праваслаўны атэіст“ або „вашывыя блохі“. У параўнаньні з гэтым „горбачевская псевдоперестройка“, „авантюристы-затейники“ і „закулисные дирижеры“ „Заслуженного деятеля культуры Республики Беларусь, академика Международной Академии организационных и управленческих наук“ і па сумяшчальніцтве галоўнага рэдактара „Беларускай думкі“ і аднаго з галоўных беларускіх ідэолягаў Уладзімера Вялічкі або „политические оборотни, разрезавшие по живому единый организм“, „местечковые гвардейцы, втихомолку примерившие до того на себя императорские мантии“, „забугорские доброхоты“ і „рыночный омут“ Ігара Акшэўскага выглядаюць проста труізмамі. Прывядзем яшчэ некалькі ўзораў падобнай творчасьці — „закономерный крах демократических иллюзий“ („Первый секретарь ЦК Белорусского патриотического союза молодежи“ Ўсевалад Янчэўскі), „западная мысль не предлагает нам альтернатив, а навязывает свое изношенное и во многих местах дырявое пальто“ („профессор, заведующий кафедрой внешней политики Академии управления при президенте Республики Беларусь“ Віталь Сьмірноў), „пучина стихийного рынка и анархической независимости“ („кандидат философских наук“ Васіль Новікаў), „эдиповы, фрейдовские и иные комплексы“ („кандидат философских наук“ Барыс Ляпешка).

Беларускія ідэолягі не хаваюць пастаўленага перад імі заданьня — „ідэйнай загартоўкі масаў“. Усё той жа Вялічка піша: „Нужны общие ценности развития, которые находили бы воплощение в сильной внутренней идеологии*3 . Падкрэсьлім, ня „новые“, а „общие ценности“, г. зн. традыцыйныя савецкія, толькі часткова пераасэнсаваныя, дапоўненыя і складзеныя ў адзіную сыстэму.
 

*3 Беларуская думка. № 6. 2000. С. 5.



 
   

8.

Нішто так не характарызуе беларускай ідэалёгіі, як яе праграмная ўстаноўка на расійскі культурны кантэкст. На старонках „Беларускай думкі“ можна сустрэць безьліч адсылак да розных расійскіх аўтарытэтаў (Дзьмітры Мендзялееў, Фёдар Абрамаў, Пётра Чайкоўскі, Уладзімер Ленін, Іосіф Сталін) і вобмаль — да беларускіх. Часам нават дамарослыя ідэалягічныя работнікі наўпрост атаесамляюць сябе з расійцамі, а Беларусь з Расіяй: „Да и как, скажите, можно считать иностранцем, например, собственного родного брата, что живет теперь в Нижневартовске и является гражданином другой страны? Моего старшего сына и внука, также российских граждан, обосновавшихся не так давно в красивом русском городе Костроме“, — піша Ігар Акшэўскі*4.

Расія таксама — гэта моцны аргумэнт у палеміцы з Захадам, такім, якім уяўляюць ці хочуць уяўляць яго сабе беларускія ідэолягі. Яны добра разумеюць, наколькі камічна і несувымерна выглядае жорсткае ідэалягічнае супрацьстаўленьне Беларусі і Захаду. Калі ж зрабіць выгляд, што Беларусь і Расія — адзінае цэлае, то такое супрацьстаўленьне набывае больш праўдападобны характар.

Для абгрунтаваньня гэтага супрацьстаўленьня прапануюцца надуманыя прычыны, а якасьць аргумэнтаў у палеміцы не паддаецца ніякай ацэнцы. „Откуда, например, — палемічна ўсклікае берасьцейскі выкладчык філязофіі Барыс Ляпешка, — этот призыв — „У Эўропу!“? Из мифологизации истории. А ведь именно „Европа“ белоруса давила, жгла, крестила в свою веру, вышибала любой протест и выбивала, покупала лучшие интеллектуальные силы*5.

Той самы Ляпешка ў сваёй фальсыфікацыі гісторыі, абумоўленай нэаславянафільскімі ўстаноўкамі, ідзе яшчэ далей: „Нас частенько подталкивают к прозападной ориентации, апеллируя к историческому опыту. Но давайте посмотрим, что принесло западничество славянам. Возьмем XVII век. Софья и Голицын были очарованы католической Европой — Австрией и Польшей, а Петр — протестантской Голландией. Но в результате ни то, ни другое не принесло ничего хорошего *6.

Чым далей заходзіць русіфікацыя Беларусі, тым бліжэйшай стаецца нам Расія. Прыкладна такі аргумэнт высоўвае работніца „Беларускай думкі“ Ларыса Якавенка: „Трудно понять ратующих за союз с кем угодно — Америкой, Европой, но только не с Россией, близкой нам по духу, и по родственным связям, и по общей истории, которую невозможно сбросить со счетов или переписать наново*7.

Беларускія ідэолягі проста ня могуць без Расіі. Перш за ўсё яна патрэбная ім для таго, каб схаваць уласную нікчэмнасьць. Безь яе яны — купка параноікаў, зь ёй — адзіная сям’я, якая зноў можа запалохваць увесь сьвет атамнай зброяй.

Рэальныя ж эканамічныя інтарэсы Беларусі не заўсёды супадаюць з расійскімі. Характэрна, што гэта найлепш разумеюць людзі, якія беспасярэдне вызначаюць гаспадарчую палітыку краіны. Іван Шакола, прэзыдэнт рэспубліканскага дзяржаўнага канцэрну харчовай прамысловасьці, піша: „Комплекс защитных мер начиная с 1998 года осуществляет и Россия. Несмотря на общее с нами таможенное пространство, ею обеспечены меры по защите собственного рынка от продукции, произведенной на белорусских сахарных заводах из импортного сырья. Такая политика закрытости ожидается и в ближайшем будущем*8.

І неўзабаве дадае: „Что лучше: поддерживать своего сахаропроизводителя или польского, российского, литовского? *9.
 

*4 Беларуская думка. № 6. 2000. С. 188.























*5 Беларуская думка. № 7. 2000. С. 60.













*6 Тамсама. С. 63.











*7 Тамсама. С. 123.
























*8 Беларуская думка. № 7. 2000. С. 26.



*9 Тамсама. С.29.

 
   

9.

„Захад“ у мысьленьні беларускіх ідэолягаў становіць сабой поўную супрацьлежнасьць „Расіі“. „Расія“ — свая, „Захад“ — чужы. „Расія“ нясе дабро і асьвету, „Захад“ — зло і беспрасьветнасьць. „Расія“ дасьць сьвету будучыню, „Захад“ рыхтуе гібель плянэты. Няздольнасьць гэтых ідэолягаў бачыць сьвет такім, якім ён ёсьць, а не скрозь чорна-белую прызму, тут дасягае свайго апагею.

Разам з тым дамарослыя Вялічкі і Ляпешкі слаба ведаюць, што такое „Захад“. Найчасьцей для іх гэтае паняцьце азначае актыўнае запярэчаньне савецкай сыстэмы вартасьцяў ува ўсіх сфэрах грамадзтва, абсалютнае „не“ савецкаму ладу жыцьця. Натуральна, што гэтае паняцьце мае не геаграфічны, а чыста ідэалягічны сэнс. „Захад“ — гэта калектыўны агрэсар, агрэсіўны палітычны блёк.

Слабасьць ведаў беларускіх ідэалягічных работнікаў праяўляецца і ў тым, што „Захад“ для іх — таксама паняцьце сынкрэтычнае. Ніхто зь іх адкрыта ня кажа, што Нямеччына, Галяндыя ці Гішпанія — гэта Захад. Выняткам тут ЗША, якія парою сапраўды фігуруюць асобна.

Пярэдні край „Захаду“ ў вачах беларускіх ідэолягаў — гэта Ўкраіна і Польшча. Гэтыя дзьве краіны, кожная па-свойму, прэзэнтуюць вельмі непажаданы для іх варыянт разьвіцьця. Каб ачарніць яго, у ход ідуць усе прыдатныя сродкі. Так, Уладзімер Вялічка ставіць пад сумнеў дэмакратычнасьць апошніх украінскіх выбараў: „В ходе недавних выборов на Украине команда Л.Кучмы удачно реализовала апробированную ельцинскую схему — „президент-реформатор“ против красного реванша*10.

Ігар Акшэўскі аспрэчвае аграрную палітыку ўкраінскага кіраўніцтва: „Хвала Господу, что поля наши не зарастают бурьяном, как в соседней Украине, а плодоносят, воздавая должное трудолюбивым крестьянским рукам*11.

Паэт украінскага паходжаньня Браніслаў Спрынчан увогуле хоча перайменаваць Украіну ў „Маларосію“:

Все ж двадцатилетний малоросс,
Мудрости твоих заветов внемля,
Беларусь, к тебе душой прирос,
Полюбил твоих людей и землю*12.

Прафэсійна займаецца надзвычай тэндэнцыйным асьвятленьнем польскіх эканамічных рэформаў дацэнт БДУ Мечыслаў Часноўскі. Яго інвэктывы скіраваны і супраць „польскіх рэфарматараў“ („польскія рэфарматары слаба ўсведамлялі, што ліберальная рынкавая эканоміка па-рознаму функцыяніруе ў ЗША і краінах Заходняй Еўропы“), і супраць „лібэральнай праграмы“ наагул („…ліберальная праграма не апраўдала сябе нават у эканамічнай галіне — насуперак прапагандзе поспеху з боку прыхільнікаў захавання ліберальнага статус-кво“*13).
 

*10 Беларуская думка. № 6. 2000. С. 8.






*11 Беларуская думка № 6. 2000. С. 188.










*12 Беларуская думка. № 8. 2000. С. 159.













*13 Беларуская думка. № 6. 2000. С. 104.
 
   

Прычыны польскай „эканамічнай катастрофы“ Часноўскі бачыць у мінімізацыі ролі дзяржавы ў эканамічным жыцьці краіны: „…палякі… страцілі пакупніцкія здольнасці з-за таго, што дзяржава адмовіла ім у апякунстве і гарантаваным працаўладкаванні“*14.

Выснова Часноўскага наступная: „Такім чынам, рынкавыя механізмы ў сутнасці ўскладнялі дасягненне высокай ступені сацыяльнай салідарнасці і кансалідацыі. Яны хутчэй спрыялі росту няпэўнасці і дыферэнцыяцыі“*15.

Аднак натужныя фальсыфікацыі Часноўскага ня йдуць ні ў якае параўнаньне з тым, што беларускія ідэолягі думаюць і гавораць пра Злучаныя Штаты Амэрыкі. Тут „эканамічныя аргумэнты“ адыходзяць на задні плян, і ў дзеяньне ўступае нацыяналістычная рыторыка і нагнятаньне псыхозу. „Для некоторых школьников насилие стало моделью жизненной повседневности. В США уже не единичны случаи расстрела подростками своих одноклассников*16, — з заклапочанасьцю паведамляе загадчык катэдры філязофіі БДУІР, доктар філязофскіх навук, прафэсар Юры Харын. Для прафэсара, загадчыка катэдры замежнай палітыкі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі Віталя Сьмірнова зьнікае хоць якая розьніца паміж фашысцкай Нямеччынай і сучаснымі ЗША, „нэафашысцкімі“, на яго думку: „Национальная идея рождается самим развитием общества, овладевает массами и находит свое практическое осуществление. Так возникли фашизм и фашистская идеология в Германии, неофашизм и идеология мирового диктата в настоящее время в США*17.

Вэрдыкт Віталя Сьмірнова адназначны: „…западная мысль не предлагает нам альтернатив, а диктует и навязывает свои трафареты и образцы „прогрессивного развития“ при отказе от таких понятий, как национальный суверенитет и государственность, любовь к Родине, патриотизм, национальная гордость и др. За всем этим скрываются триумф и коварство победителей, которые заинтересованы в том, чтобы внушить нам комплекс неполноценности и исторической вины, превратить в изгоев современной цивилизации*18.
 

*14 Беларуская думка. № 6. 2000. С. 105–106.





*15 Беларуская думка № 6. 2000. С. 108.












*16 Беларуская думка. № 8. 2000. С. 41.













*17 Беларуская думка. № 7. 2000. С. 17 (вылучана намі — Аўт.)













*18 Тамсама. С. 18.
 
   

Кандыдат філязофскіх навук, нядаўні кандыдат у прэзыдэнты Васіль Новікаў падазрае, што акурат „Захад“ вінаваты ў тармажэньні сацыяльнага прагрэсу ў постсавецкіх рэспубліках: „…в настоящее время под видом новых концепций сплошь и рядом протаскивается защита эгоистических интересов небольшой группы западных стран, стремящихся навязать свою систему ценностей остальному человечеству*19 і выказвае надзею на тое, што „…переступая порог третьего тысячелетия, человечество должно будет окончательно распрощаться с западноевропейской парадигмой ментальности, формировавшейся на протяжении всего периода существования западного буржуазного общества. Это необходимо для развития подлинных общечеловеческих ценностей в противоположность узкоклассовым и узкоцивилизационным иллюзиям и интересам*20.

Эскаляцыя міжнароднай ізаляцыі заўсёды абяртаецца эскаляцыяй параноі ўсярэдзіне краіны. Нефармальным лідэрам „паранаідальнага кірунку“ ў афіцыйнай беларускай ідэалёгіі, бясспрэчна, трэба прызнаць рэдактара „Беларускай думкі“ Ўладзімера Вялічку. Згодна зь ім, „Захад“ распачаў супраць Беларусі „необъявленную войну“: „Необъявленная война, ставшая фактом общественного сознания, ведется одновременно на многих фронтах. Это и навязывание губительных экономических реформ, и нашествие сектантов, и наркомания молодежи, и препятствие деторождению под наивным предлогом „планирования семьи“ и т. п.*21.

У гэтым выказваньні, як у кроплі вады, відно імкненьне беларускіх ідэолягаў тлумачыць нутраныя праблемы краіны вонкавымі ўзьдзеяньнямі. І што самае сумнае, падобныя інтэрпрэтацыйныя мадэлі дагэтуль знаходзяць прыхільнікаў у беларускім грамадзтве. Гэта сапраўды вельмі зручна — перакладаць увесь цяжар адказнасьці зь сябе на кагосьці. А калі на ўзроўні асобы гэта ня што іншае, як рэцыдыў інфантылізму, то на ўзроўні краіны такая пазыцыя набывае злавеснае адценьне ксэнафобіі і нацыяналізму. Квазілягічныя сылягізмы, якія абслугоўваюць яе, прыкладна такія: а) пабудаваная ў краіне сыстэма эканамічных, культурных, палітычных і іншых дачыненьняў блізкая да дасканаласьці; б) збоі ў гэтай сыстэме выклікаюцца вылучна ўплывам іншародных сілаў; в) стабілізацыя сыстэмы магчымая толькі ў выпадку нэўтралізацыі гэтых сілаў.
 










*19 Беларуская думка. № 7. 2000. С. 46.










*20 Тамсама. С. 48.

















*21 Беларуская думка. № 6. 2000. С. 10. 
   

10.

Унікальнасьць беларускай палітычнай рэальнасьці палягае ў тым, што з пункту гледжаньня пануючага рэжыму незалежныя сродкі масавай інфармацыі ўяўляюць сабой ня меншую, а можа нават большую пагрозу, чымся канвэнцыйная палітычная апазыцыя. Акурат супраць іх і накіраванае вастрыё лукашэнкаўскай прапаганды. Кожны больш-менш значны беларускі ідэоляг лічыць сваім абавязкам выліць цэбар памыяў на незалежныя СМІ.

Напрыклад, памянёны вышэй Юры Харын акцэнтуе перадусім духоўную шкоду, нанесеную апазыцыйнымі мас-мэдыямі: „Усилиями средств массовой информации (прежде всего телевидения) создается в социуме СНГ атмосфера, способствующая деморализации общества, дерационализации мышления, дегуманизации культуры*22.

Выкладчык БДУ, кандыдат філялягічных навук Ягор Конеў перакананы, што гэтыя мас-мэдыі падрываюць таксама і эканоміку Беларусі: „Адсутнасць замежных інвестыцый у нашу эканоміку, як вядома, — найбольш шкоднае наступства „інфармацыйнага вакууму“, створанага замежнымі СМІ вакол Беларусі“*23.

А галоўны бэпээсэмавец Усевалад Янчэўскі фактычна атаесамляе недзяржаўныя СМІ і палітычную апазыцыю:

…в Беларуси совокупная мощь антипрезидентских средств массовой информации гораздо сильнее государственных. Самые популярные российские каналы и более десятка оппозиционных белорусских изданий с завидным постоянством вот уже несколько лет обливают грязью Беларусь и ее власть… Оппозиция периодически собирает в Минске небольшие митинги, а если не бросается с камнями и палками на милицию, то никто эти митинги не разгоняет*24.

Гэтыя выкладкі беларускіх ідэолягаў павінны падвесьці да думкі, што незалежныя СМІ — чужароднае цела ў нашым грамадзтве, што іх паўстаньне было штучна інсьпіравана „Захадам“, а ня выклікана аб’ектыўнымі сацыяльнымі працэсамі. Пры гэтым роля „Захаду“ ўсяляк гіпэртрафуецца: ён ня толькі захоўвае, але і павялічвае сваю прысутнасьць на інфармацыйных рынках „саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі“. „Не потому ли в последнее время, словно колорадские жуки, плодятся бабицкие, бросающие тень на российские войска в Чечне*25, — патэтычна ўсклікае Ўладзімер Вялічка.

Паказальна, што, як і „Захад“, „беларуская апазыцыя“ ўяўляецца ідэалягічнай машыне якойсьці больш-менш аднароднай масай, „цёмнай сілай“. Інструмэнтар, якім беларускія ідэолягі карыстаюцца ў дачыненьні да „Захаду“, ужываецца імі і ў стасунку да „беларускай апазыцыі“. Гаворыць Валянцін Акулаў: „Кто станет ставить под сомнение, к примеру, что народ, и только он один, вправе решать, и как ему свой дом обустроить, и как жить в этом доме, с кем дружить, а с кем просто сохранять добрые отношения. Думаю, что с этим не станет спорить даже трио бывших спикеров — Шушкевич-Гриб-Шарецкий. Когда же дело дошло до референдума по жизненно важным для народа вопросам, тут же оказалось, что он и „хворы“, и „дурны“, и вообще не народ, а „быдло*26.
 

*22 Беларуская думка. № 8. 2000. С. 42.









*23 Беларуская думка. N 8. 2000. С. 142.















*24 Беларуская думка. № 7. 2000. С. 15.













*25 Беларуская думка. № 6. 2000. С. 9.



















*26 Беларуская думка. № 6. 2000. С. 123.
 
   

Чытаць „Беларускую думку“ і падобныя выданьні цяжка. Часам здаецца, што Лукашэнка вядзе д’ябальска тонкую гульню — ён выдае сваім ідэолягам carte blanche на самыя крайнія праявы ксэнафобіі і нацыяналізму, каб на іх фоне выглядаць „памяркоўным“ і „ўраўнаважаным“ палітыкам.

11.

Але як бы там ні было, Савецкага Саюзу ўжо даўно няма, а незалежная Рэспубліка Беларусь, нягледзячы на ўсе злыбеды, працягвае існаваць. І перад беларускімі ідэолягамі паўстае патрэба пераацэнкі савецкай спадчыны і выпрацоўкі пэрспэктыўных шляхоў разьвіцьця краіны.

Аказалася, што Ўсевалад Янчэўскі ў свае няпоўныя дваццаць пяць любіць паразважаць пра „брежневско-андроповский Советский Союз“: „В брежневско-андроповском Советском Союзе жизнь была не такая уж плохая, ну да больно скучная. В том, что она была не такой уж плохой, убедились попозже, когда сравнили ее с перестроечной и постперестроечной. А вот скука раздражала уже тогда*27.

Перад беларускімі ідэолягамі таксама стаіць заданьне пазытыўнага асэнсаваньня сучаснага палітычнага рэжыму. Каб крыху прыхарошыць яго, яны гатовы супрацьставіць яго рэжыму папярэдняму, савецкаму: „Свой политический режим мы должны оценивать не по тому, насколько он отвечает чьим-то представлениям о демократии, нравится кому или нет, а с точки зрения того, что содержит в себе нового, прогрессивного по сравнению с предыдущим*28.

Аўтар гэтага выказваньня Фёдар Прыходзька дадае: „…ни коммунизма с обещанным изобилием, ни капитализма, как на Западе, у нас не будет*29.

Гэты новы, „больш прагрэсіўны ў параўнаньні зь мінулым“ лад, які будуецца цяпер у Беларусі, можа быць названы ня толькі „рынкавым сацыялізмам“, але і, як намякае начальнік управы замежных сувязяў ВА „Гомсельмаш“, доктар хімічных навук Мікалай Ягоранкаў, „социал-капитализмом“: „Социал-капитализм и есть тот общественный строй, который Ленин называл строем „цивилизованных кооператоров“, то есть социализмом*30.
 

*27 Беларуская думка. № 7. 2000. С. 13.











*28 Беларуская думка. № 6. 2000. С. 40.




*29 Тамсама. С. 38.












*30 Тамсама. С. 44.

 
   

Калі беларускія ідэолягі пішуць, што ў Беларусі будуецца палітычны лад, які не адпавядае агульнасусьветным „представлениям о демократии“, „зарубежным стереотипам“ у сфэры „прав человека, демократии и суверенитета*31, — яны самі, відаць, да канца не разумеюць, што сваімі ж рукамі яны дыскрэдытуюць беларускі рэжым. Гісторыя ведае ня так ужо і мала рэжымаў, якія не адпавядалі агульнасусьветным „представлениям о демократии“. Гэта і нямецкі нацызм, і італьянскі фашызм, і савецкі камунізм. Усе яны як адзін адмаўлялі „зарубежные стереотипы“ што да „прав человека, демократии и суверенитета“.

„Сацыял-капіталістычная“ Беларусь, натуральна, мусіць мець „нацыянальную ідэю“. Фёдар Прыходзька так выказваецца пра яе: „…Беларусь нынче переживает такой период своей истории, когда национальная идея ей нужна, как заблудившемуся путнику тропинка. Белорусская идея — это то, с чем могли бы согласиться правые и левые, верующие и атеисты, поддержали бы белорусы, русские, евреи, поляки — граждане всех национальностей, проживающие в республике *32.

Падкрэсьлім, што ў строгім сэнсе ідзецца не пра „беларускую“ і не пра „нацыянальную ідэю“, а пра нейкую трэцюю — „субнацыянальную“, якая б аб’яднала „шматнацыянальны народ Беларусі“ на грунце сацыяльнай салідарнасьці і матэрыяльнага дабрабыту: „…в основе белорусской идеи должно лежать стремление к укреплению человеческого потенциала… Основными нашими ценностями должны стать: здоровый образ жизни, качественное образование, эффективное здравоохранение, разумные потребности*33.

Каб дасягнуць стану сацыяльнай, палітычнай і нацыянальнай гармоніі, неабходна зьдзейсьніць яшчэ некалькі рашучых захадаў — забараніць усе палітычныя партыі (тыповая фашысцкая праграма)*34, адгарадзіцца ад Эўропы*35 і зрабіць праваслаўную рэлігію дзяржаўнай (у трактоўцы Барыса Ляпешкі „…православие — многовековой выбор, как и восточная ориентация в цивилизационном смысле“. — Тамсама. С.60).
 






*31 Прыраўн. заяву Віталя Сьмірнова: „…Не следует бояться ложных обвинений в нарушении прав человека, демократии и суверенитета. У нас должно быть свое отношение к этим понятиям, независимое от навязывания зарубежных стереотипов“ (Беларуская думка. № 7. 2000. С. 24.)











*32 Беларуская думка. № 6. 2000. С. 36.












*33 Тамсама. С. 38. 
   

12.

Сучасны беларускі рэжым робіць усё, каб ператварыць будаўнікоў незалежнай беларускай культуры і незалежнага беларускага грамадзтва ў партызанаў, а неабсяжны дзяржаўны апарат — у рэгулярнае войска. Першыя прысутнічаюць пераважна ў тым сэгмэнце грамадзтва, які наўпрост не кантралюецца цяперашняй беларускай дзяржавай — ува ўстановах „трэцяга сэктару“, апазыцыйных партыях і рухах, а таксама ў прасторы незалежнай прэсы і друку. Другі робіць усё, каб зьнішчыць свайго праціўніка, а калі гэта не ўдаецца, дык прынамсі дэмаралізаваць і ўсяляк аслабіць яго.

„Аслабленасьць“ у дачыненьні да сацыяльных структур часта азначае і іх „анахранічнасьць“. Фактычна, найбольш выбітныя дзеячы беларускай культуры дагэтуль існуюць у каардынатах БССР, а не незалежнай Рэспублікі Беларусі. Дзевяць гадоў незалежнасьці Беларусі ў культурным пляне былі пэрыядам адказаў незалежніцкіх элітаў на выклікі, пастаўленыя яшчэ за часоў існаваньня БССР. Не было тады, напрыклад, добрага гістарычнага часопісу — во і атрымайце, праўда, зь вялікай часавай затрымкай, адразу некалькі — „Спадчыну“, „Беларускі гістарычны агляд“, „Беларускі гістарычны часопіс“, „Беларускую мінуўшчыну“ (цяпер „Архівы і справаводзтва“), не было „літаратурна-культуралягічнага“ пэрыёдыка — будзе вам „Крыніца“, „Калосьсе“ і „ARCHE“, не існавала часопісу для сучаснага беларускага мысьленьня — зробім „незалежны часопіс па філязофіі і сацыяльных навуках“ „Фрагмэнты“, і г.д. Але гэтыя праекты, нягледзячы на іх важнасьць для Беларусі, часам адно перагортваюць старонкі мінулага.

Слабасьць і бальшыні лукашэнкаўскіх ідэолягаў, і бальшыні ідэолягаў „незалежнага беларускага грамадзтва“ ў іх анахранічнасьці, зьвернутасьці ў мінулае. Ад таго, хто зь іх першы здолее пераадолець гэтую залежнасьць, шмат у чым залежыць будучыня Беларусі.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
*34 Прыраўн. выказваньне Віталя Сьмірнова: „…Я считаю, что необходимо прекратить деятельность всех политических партий. Они нужны были на определенном этапе становления гражданского общества. Теперь же оно достигло такого уровня развития, когда народ может управлять своей жизнью и судьбой без партии. Ведь объективно любая из них представляет интересы ограниченной группы людей“ (Беларуская думка. № 7. 2000. С. 22.)

*35 Як кажа Ларыса Якавенка, „В „общем доме — Европе“ мы пока если не бедные родственники, то просто — чужие. И долго еще будем такими. Ибо взращены в других условиях, живем в других условиях — со своим белорусским, славянским менталитетом и православной верой“ (Тамсама. С.123.) 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (15) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 05-04-2001